Šī ir oriģinālās lapas neoficiālā statiskā kopija. Jautājumi/ieteikumi/pretenzijas: @virtulis vai danko@very.lv. 10 GiB torrents ar visu, kas ir.
Pasakas.net

Pasakas

Baltkrievu valodā

Brāļi mednieki (БРАТЫ-ПАЛЯЎНІЧЫЯ)

Teicējs: Liudmila Sinkevich

Samazināt teksta izmēru Palielināt teksta izmēru

Жылі-былі ў вадной вёсцы стары із старою. Было ў іх тры сыны.

Слаўныя гэта былі хлопцы й добрыя работнікі. Але найбольш за ўсё любілі яны на паляваньне хадзіць.

Ды вось бяда: не шанцавала ім на паляваньні. Бывала, што цэлы дзень па лесе ходзяць, а на вячэру нічога і ня прынясуць.

«Відаць, зьвяліся зьвяры ў нашых лясох, — думаюць браты, — трэба было-б хіба нам куды-небудзь глыбей у пушчу падацца».

Вось аднаго разу пайшлі яны ўсе трое ў лес. Хадзілі, з купіны на купіну пераскаквалі, па балотах і мхох адзін за адным прабіраліся і не заўважылі, як ад дому далёка адыйшлі і з дарогі зьбіліся.

Глядзяць браты — глухі лес кругом, ні дарожкі нідзе, ні сьцяжынкі.

— Пойдзем, браты, куды вочы глядзяць, — кажа старэйшы брат.

І падаліся браты-паляўнічыя проста цераз пушчу...

Доўга яны шлі, і вось прыходзяць, нарэшце, да вялікага каменя. Ідзе ад таго каменя далей у лес сьцяжынка, а на камені напісана:

«Гэта сьцежка вядзе ў Вахрамеева царства. Шмат у тым царстве і зьвяроў і птушак, ды толькі паляўнічыя туды па адным хадзіць павінны».

— Ну, браты, здаецца, нам пашанцавала, — кажа старэйшы брат. — Пайду я першы ў Вахрамеева царства, паспрабую шчасьця. А вы мяне тут чакайце. Калі праз тры дні не вярнуся, — ідзеце мне на дапамогу.

Малодшыя браты згадзіліся. Селі яны пад елкай, агонь расклалі, а старэйшы брат падаўся па вузкай сьцежцы ў лес.

Ідзе ён, а лес кругом гусьцейшым робіцца, усё цямнейшьм. І раптам выбягае на сьцежку вялізны леў.

Схапіў старэйшы брат свой самастрэл, прыцэліўся, а леў і кажа яму:

— Не забівай мяне, паляўнічы! Я дам табе за гэта сваё маладое дзіцянё. Прыйдзе час — яно табе ў бядзе дапаможа.

І выходзіць на сьцежку маленькае львянё. Зьдзівіўся паляўнічы.

— Добра, — кажа — ня буду цябе біць.

І пайшоў далей, а львянё ўсьлед за ім пабегла. Прайшоў старэйшы брат крыху і бачыць — выходзіць на сьцежку вялікі мядзьведзь.

Прыцэліўся паляўнічы, а мядзьведзь і кажа яму чалавечым голасам:

— Не забівай мяне, чалавеча! Вазьмі лепш з сабою маё дзіцянё. Прыйдзе час — яно табе ў бядзе дапаможа.

І выходзіць з хмызьняку маленькі калматы мядзьведзік.

Згадзіўся паляўнічы й далей пайшоў, а мядзьведзік зь львянём сьледам за ім бягуць.

Прайшоў крыху, а перад ім на сьцежцы вялізны воўк стаіць. Зубы шчэрыць, вочы агеньчыкамі гараць.

«Ну, гэтага то ўжо застрэлю», — думае паляўнічы.

А воўк просіцца ў яго:

— Пашкадуй мяне, паляўнічы! Вазьмі лепш з сабою маё дзіцянё. Яно табе — будзе час — у бядзе дапаможа.

І дае ён паляўнічаму маленькага ваўка.

Ідзе паляўнічы далей, а за ім трое зьверанят бягуць.

Настраляў паляўнічы рознай дзічыны, увечары адпачыць пад хвойкаю сеў. Расклаў агонь, пачаў дзічыну смажыць.

«Павячэраю, — думае, — тады да братоў вярнуся і рэшту дзічыны ім занясу».

Раптам зашумелі дрэвы, захісталі вяршынямі. Сьвіст і грукат па лесе пайшоў.

Глядзіць паляўнічы — ляціць празь лес між дрэў Баба-Яга. Валасы матляюцца, спадніца надзімаецца, сама ў ступе сядзіць, памялом паганяе. Прыляцела й апусьцілася недалёка каля агню.

— Фу! фу! — кажа. — Нешта вельмі-ж тут смажаным мясам пахне.

А паляўнічы адрэзаў кавалак мяса ды й падае ёй.

— На, — кажа, — бабка, зьеш.

— Не, хлопча, — адказвае Баба-Яга. — Я да цябе падыйсьці баюся. Бачыш ты, якія каля цябе страшныя зьвяры сядзяць. Дай ты мне па пяць валаскоў із сваей галавы ды з галоў тваіх зьвяроў, — тады я да цябе бліжэй падыйду.

Засьмяяўся паляўнічы, даў ей пучок валаскоў, а Баба-Яга ўзяла валаскі і дзьмухнула на іх. І ператварыўся раптам старэйшы брат у вялікі асмалены пень, а зьвяры — у пянькі крыху меншыя.

Баба-Яга тымчасам зарагатала, села ў ступу і назад паляцела.

Вось сядзяць малодшыя браты каля агню, чакаюць старэйшага. Тры дні мінаюць — не варочаецца старэйшы брат.

— Трэба да яго на дапамогу йсьці. Відаць, нешта нядобрае зь ім здарылася, — кажуць браты.

І пайшоў сярэдні брат старэйшага шукаць.

І здарылася зь ім усё тое-ж, што і із старэйшым.

Застаўся ля каменя адзін малодшы брат. Тры дні чакаў ён старэйшых. Потым ня вытрымаў — пайшоў іх шукаць.

Ідзе ён па сьцежцы, а дрэвы перад ім гольле апускаюць, дарогу загароджваюць. Шэпча яму лісьце:

— Ня йдзі далей, бяда будзе!

— Не баюся нічога, — адказвае малодшы брат, — відаць, з братамі маімі й запраўды тут бяда здарылася. Хто-ж выратуе іх, калі ня я?

Ідзе малодшы брат па сьцежцы. Адзін за адным яму па дарозе зьвяры трапляюцца, дзяцей сваіх яму аддаюць. А дрэвы шумяць жаласна, галінкі скрыпяць журботна:

— Вярніся, паляўнічы, чакае цябе сьмерць лютая!

Сьмяецца паляўнічы й далей ідзе.

Прыходзіць ён на палянку. Сеў, агонь расклаў. Глядзіць — побач два вогнішчы патушаных, а вакол пні асмаленыя стаяць.

«Ці ня тут толькі мае браты сядзелі?» — думае паляўнічы.

І раптам чуе — шум, сьвіст, дрэвы гнуцца, кусты да зямлі сьхіляюцца, — ляціць Баба-Яга ў ступе, валасы матляюцца, спадніца надзімаецца, сама памялом сьлед замятае.

Прыляцела Баба-Яга, апусьцілася на палянку.

— Добры дзень, хлапчына!

— Добры дзень, бабка, — адказвае паляўнічы.

— Што гэта ў цябе так смачна смажаным пахне?

— Вазьмі, бабка, паеш, — кажа паляўнічы і падае ёй кавалак мяса.

А Баба-Яга адказвае:

— Не, сынок, баюся я тваіх зьвяроў. Дай ты мне пяць валаскоў із сваей галавы ды па пяць валаскоў ізь зьверанят, — тады падыйду.

— О, не, бабка, не на таго натрапіла, — адказвае паляўнічы. — А ну, зьвераняткі мае, дапамажыце мне з бабкай паквітавацца.

Кінуліся зьвераняты на Бабу-Ягу.

Львянё яе за горла хапае, ваўчанё — за ногі, мядзьведзянё лапамі камечыць.

Напужалася Баба-Яга, запішчэла, закрычала, загаласіла. А паляўнічы й кажа:

— Цяпер я ведаю, што з маімі братамі здарылася. Гэта твая работа. Кажы, што ты зь імі зрабіла, а не, дык мае вартаўнікі цябе жывую зьядуць.

Бачыць Баба-Яга, што няма рады ёй. Дзьмухнула яна на пні — ажылі старэйшыя браты, ажылі й іхныя зьвяры.

Накінуліся трое львянят, трое ваўчанят і трое мядзьведзянят на Бабу-Ягу і разарвалі яе на кавалкі.

Пачалі з таго часу браты сьмела ў пушчу на паляваньне хадзіць. Шмат дзічыны ў ёй стралялі, шмат зьвяроў лавілі, і добра жыць сталі.

  1. a
  2. b
  3. c
  4. d
  5. e
  6. f
  7. g
  8. h
  9. i
  10. j
  11. k
  12. l
  13. m
  14. n
  15. o
  16. p
  17. r
  18. s
  19. t
  20. u
  21. v
  22. z
  23. visas
 

Izmantošana nekomerciāliem mērķiem. Atsauce uz biedrību Ideju Forums obligāta.
e-pasts pasakas@pasakas.net 

Informācija grāmatu autoriem un tulkiem Mūsu draugi
Autortiesības © 2019 Ugunsmūris. Visas tiesības aizsargātas. Cube Systems – web dizains un izstrāde
  • Pasaku jaunumi
  • Pievienot Google