Šī ir oriģinālās lapas neoficiālā statiskā kopija. Jautājumi/ieteikumi/pretenzijas: @virtulis vai danko@very.lv. 10 GiB torrents ar visu, kas ir.
Pasakas.net

Pasakas

Baltkrievu valodā

Kā paskatos uz tavu degunu, atceros par savu asti (ЯК Я ГЛЯНУ НА ТВОЙ НОС, ДЫК УСПОМНЮ ПРА СВОЙ ХВОСТ)

Teicējs: Liudmila Sinkevich

Samazināt teksta izmēru Palielināt teksta izmēru

Жыў сабе на сьвеце бедны селянін. Яму ў жыцьці не шанцавала. Гаспадарка ня ручыла, скаціна не вялася, дзеці хварэлі, жонка была сварлівая і ў хаце быў заўсёды неспакой і звадка. Адно ў яго было шчасьце, што ён быў добры музыка і меў добрую скрыпку. Гэты чалавек любіў лес, поле, асабліва свой шнюрок збожжа. Як толькі ў яго находзілася вольная хвіліна, ён браў сваю скрыпачку, выходзіў за гумно на ўзгорачак, садзіўся на каменьчыку і іграў на сваей скрыпачцы рознымі галасамі. Гукі яго галасістай скрыпкі разносіліся па полі, лесе і сенажаці, і адбіваліся ад лесу цудоўным рэхам. Ён тады забываўся на сваю беднасьць, гора і на сваю язычлівую жонку.

Аднаго разу, калі ён так іграў, з норкі выскачыла яшчарка. Калі скрьшачка выдавала жаласьлівыя гукі, яшчарка стаяла спусьціўшы галаву і слухала, а калі ён іграў вясёлыя танцы, дык яшчарка танцавала і датуль скакала, пакуль музыка ня пераставаў іграць, а за добрую ігру кажны раз яшчарка выплёўвала чырванца, ветліва кланялася і хавалася ізноў у сваю норку. Час ідзе, а музыка прыходзе на гэта месца іграць. У яго ўжо і грошы завяліся, ён разбагацеў, і дома пачало шанцаваць: скаціна стала вясьціся, дзеці перасталі хварэць і жонка паспакайнела. Цяпер толькі жонка прыставала да музыкі, каб сказаў, адкуль бяруцца ў яго грошы. Сьпярша ён маўчаў, але што раз яна горш прыставала і выпытвала і нарэшце не сьцярпела ды спытала:

— Ці ня красьці ты ходзіш або можа забойствам займаешся?

І тады ён мусіў прызнаццца жонцы і расказаў ёй усю праўду. Жонка даведаўшыся праўду, пачала яго яшчэ горш лаяць і нехтаваць.

— Ды дзе-ж гэта відана, каб яшчарка давала чырванцы? Гэта яшчэ горш як зладзейства ці разбой. Гэта-ж мабыць нячысьцік у выглядзе яшчаркі табе грошы дае. Ты, відаць, сам запрадаўся нячыстай сіле і нас усіх хочаш запрадаць.

А музыка спакойна адказвае:

— Я іграў сабе, каб разьвесяліць сваё гора, а калі яна паскакала і заплаціла мне чырванца, то й дзякуй ёй, я-ж у яе платы не дамагаўся.

Але жонка і слухаць не хацела, толькі крычыць:

— Трэба ратавацца ад нячыстай сілы!

— Як-жа ратавацца? — кажа музыка. Жонка падумала і сказала:

— Вазьмі з сабой сякеру і ідзі іграць на тое самае месца, а калі яшчарка выскача з норкі, то тады вазьмі ды засячы сякерай.

Музыка паслухаў жонкі, узяў сякеру за пояс і скрыпачку ў рукі ды пашоў іграць. Сеў на каменьчыку, а сякеру выняў з-за пояса і паставіў ля ног. Калі пачаў іграць, то яшчарка, як і перш, выбегла і пачала танцаваць. Музыка ўспомніў загад жонкі, але ніяк ня мог падняць сякеру на нявінную вясёленькую яшчарку. Калі музыка скончыў іграць, яшчарка ветліва пакланілася, выплюнула чырванца і зьвярнулася да свае норкі, але ў гэты мамэнт музыка схапіў сякеру і сякануў па яшчарцы, але пасьпеў адсеч толькі хвост. Яшчарка тады як крутнулася назад, ды як падскочыла да твару музыкі і адкусіла яму нос, а сама спакойна зьвярнулася і спаважна палезла ў сваю норку, а музыка ўзяў сваю скрыпачку і пайшоў да хаты.

Пасьля гэтага ён доўга лячыў свой нос, доўга хадзіў па леках, растраціў усё сваё багацьце. А калі абяднеў, то скаціна зноў ня стала вясьціся, дзеці зноў сталі хварэць і жонка больш ранейшага стала грызьціся. Музыка, каб разьвесяліць сваё гаротнае жыцьцё, пайшоў зноў на той самы камень іграць. І калі ён зайграў жаласную песьню, яшчарка зноў вылезла з свае норкі і стала спусьціўшы галаву слухаць дзіўную музыку. А калі музыка ізноў зайграў вясёлыя танцы, дык яшчарка пусьцілася ў скокі. Калі музыка перастаў іграць, яшчарка зноў пакланілася, выплюнула чырванца і павярнулася ў сваю норку. Гэтак ізноў завялося сяброўства ў бязносага музыкі і бясхвостай яшчаркі. Музыка зноў стаў багацець.

Аднаго разу музыка, пасьля свае ігры і танцаў яшчаркі, пачаў перапрашаць яшчарку:

— Выбачай, мілая яшчарка, што я, паслухаўшы сваей старой бабы, спаганіў тваю аздобу, адсекшы твой хвост.

А яшчарка кажа:

— Ат нічога, я ані ня гневаюся на цябе за тваю распусту, а даўно забылася праз гэта: толькі: — Як я гляну на твой нос, дык успомню пра свой хвост.

  1. a
  2. b
  3. c
  4. d
  5. e
  6. f
  7. g
  8. h
  9. i
  10. j
  11. k
  12. l
  13. m
  14. n
  15. o
  16. p
  17. r
  18. s
  19. t
  20. u
  21. v
  22. z
  23. visas
 

Izmantošana nekomerciāliem mērķiem. Atsauce uz biedrību Ideju Forums obligāta.
e-pasts pasakas@pasakas.net 

Informācija grāmatu autoriem un tulkiem Mūsu draugi
Autortiesības © 2019 Ugunsmūris. Visas tiesības aizsargātas. Cube Systems – web dizains un izstrāde
  • Pasaku jaunumi
  • Pievienot Google